Усе шляхі вядуць да Флэнсбурга. Усе шляхі вядуць да роднай хаты.
Як не сядзеш, дык няма чаго і сказаць. Напішаш слова, мова льецца. Так, мае даражэнькія вітаю Вас! Вось наша другая сустрэча адбываецца. Глядзіце, колькі часу прайшло. Калі б кожны дзень вось так садзілася, адкрывала дакумент, абавязкова ж што-небудзь ды расказвала вам. За гэты час я палюбіла Флэнсбург. Аднойчы выйшла на хвілінку на вуліцу і палюбіла. За тое, што тут бачны зоркі. Невялікія домікі, не так шмат свету, а, мабыць, і таму, што ён знаходзіцца на поўначы? Тут усе зоркі, як на далоні. Неяк рамантычна атрымліваецца. Выйшла, каб падыхаць свежым паветрам. (я жыву на другім паверсе і лесвіца з вуліцы вядзе ў пакой) Палюбіла, за тое, што ў адну хвіліну ўспомніліся мне цёплыя летнія (у жніўні, калі ж сама добра відны зоркі) ці зімняя вечары (на каляды) у бабулі ў вёсцы. Захацеў, ды выйшаў на двор падыхаць на свежым паветры. Так жа і тут. Выйшла на двор. Не здзіўляйцеся, так, на двор. Мы нават з Сашай умаўляемся сустрэцца “у двары”, каб разам пайсці ў універсітэт. Ці, ведаеце, вось яшчэ з дзяцінства. Так смешна было зваць “Каця, выходзь”. Тут у Флэнсбургу, Саша і прапанавала кінуць каменьчыкі ў вакенца. І, здаецца, шмат рускіх імёнаў у маім апавяданні? Вядома ж. У мяне шмат рускіх сяброў. І даводзілася здзіўляцца, пасля сумесна праведзенага дня, калі чула нямецкую мову. Нібыта, я дома. Вось толькі, чаму ўсе па-нямецку загаварылі?
Я палюбіла Флэнсбург і вяртаюся сюды, як дамоў. Ведаеце, калі вяртаешся ў Флэнсбург, як дамоў? Калі прыклаў шмат намаганняў, каб вярнуцца. І вось мы, з Ленай і Сашай, ледзь было не прайшлі 12 кіламетраў з Глюксбурга. Дзякуй, акцёру, які давёз нас на машыне ў Флэнсбург пасля чатырохкіламетровага пешага туру. Мабыць таму, што прагучала вельмі здзіўленае касіра ў магазіне “Gehen? Wie kann man nach Flensburg GEHEN??” І добра, што ён забавіўся, той акцёр,выбіраючы ласункі для калег перад прым’ерай. Мы дамовіліся з дзяўчатамі схадзіць на яго мюзікл. Тое ж самае і пасля паездкі ў Гамбург. Не, не пешы тур. Тое ж самае пачуццё. Між іншым, я раней дзялілася з вамі, што Гамбург мне вельмі спадабаўся. У першы дзень, мімаходам, я яго і не разгледзела. Аднак жа пасля праведзенага ў Гамбургу дня, я ўпэўнена скажу, што гэта вельмі прыгожы горад! Спыняешся каля будынкаў – і разглядаеш іх як карціну ў галерэі. А зноў жа таму, што нешта новае. Так жа і ў Мінску можна знаходзіць нешта дзіўнае ў дробязях. Пакуль не стомішся знаходзіць новае! Дарэчы кажучы, саксафон на адным з шматлікіх мастоў Гамбурга гучыць так жа, як на Камароўцы. Так жа чароўна.
Толькі не падумайце, што вяртацца ў Флэнсбург “як дамоў” азначае “родны” ці “Радзіма”. Родны, згаджуся. Аднак жа самая родная мясціна там, дзе ты вырас. Вось і вяртаешся напэўна ў Флэнсбург не дамоў, а “як дамоў”. І калі мы былі ў Гамбургу, мяне ўсхвалявалі весткі пра дэманстрацыі ў Мінску. Спадзяюся, што мы беларусы, памятаем, што мы мірныя людзі. Усе памятаем. Вяртаюся ў агульнае памяшканне, як дамоў, і пасля прагулак з Мартай, польскай дзяўчынай. Мы з ёй хадзілі гуляць яшчэ ў першы тыдзень, у сакавіку. Марта прапанавала мне знайсці ў Флэнсбургу пляж. Толькі яна не ведала, дзе ён знаходзіцца, а я на той час не ведала, што Марце так спадабаецца гуляць пешкі. Вось тады мы нагуляліся. 2 часы пяшком. Пасля таго і я адчула смак да хадзьбы пешкам. Кожны тыдзень цяпер мы выбіраемся на пляж. У Флэнсбургу тры пляжы, сказала Марта. Апошні раз мы прайшлі 7 кіламетраў. Для мяне гэта так сама адкрыццё. Бо дома, я нават сабе і не ўяўляю, каб гэта стала маім заняткам у свабодны час, гуляць пешкі. Чаму і не?
Прыйшла вясна. Сапраўдная вясна. Сёння ў Флэнсбургу было 20 градусаў. Студэнтаў у нашых пакоях жыве нямала, як выявілася. Колькі моладзі ўбачыла сёння на двары! Кампаніямі за сталом, касцёр развялі, ці так хтосьці выйшаў пацешыцца вясеннім сонейкам. Пагаджуся з Ларысай Мікалаеўнай, утульна тут. Так і скончыўся сакавік. Нечакана хутка. І няшмат я вам расказала пра вучобу. І няшмат расказала пра ўсё. А вось нядаўна мы чыталі тэкст і там гаварылася пра тое, што час ідзе павольна, калі адкрываеш нешта новае. Бывае, і за дзень набярэшся ўражанняў на ўсё жыццё. І першая палова водпуску, калі выбіраешся куды, таму і здаецца даўжэй, пакуль усё новае. Да, водпуску. Першы месяц майго знаходжання ў Флэнсбургу я адчувала сябе, як у водпуску. Сапраўдная вучоба пачынаецца толькі ў красавіку.З наступнага тыдня. Аднак жа хіба стажыроўка азначае толькі навучанне? Тыя трохтыднёвыя курсы С 1.1. Мабыць? Ці курсы культуры Германіі якія таксама прайшлі? Прайшлі цудоўна. І я пераконваюся, што вучоба і днём, і ноччу ў Мінску не была здарма. Бо ёсць куды намотваць веды, ёсць аснова. Зараз ужо ў мінулым клопаты пра тое, як пасціраць, ці што прыдумаць на абед. Куды важней, зрабіць правільны выбар курсаў, каб супадалі з нашымі прадметамі. Адкуль гэта жаданне, зрабіць усё правільна? І чаму я так не люблю памыляцца?
Ну вось паразмаўляла з вамі, адвяла душу, а жыццё працягваецца і прапануе нам новыя клопаты, новыя адкрыцці. Да новай сустрэчы, мае землякі!