Я вярнулася!

Студэнтка 5 курса Вікторыя Казакевіч вярнулася пасля навучання ў нямецкім Фленсбургу.

Я вярнулася.

Я вярнулася, каб працягваць вучыцца.

З якімі думкамі вяртаешся ў родны ўніверсітэт пасля навучання ў Германіі?

У першую чаргу з удзячнасцю!

Я вельмі ўдзячна нашаму факультэту, факультэту нямецкай мовы, за магчымасць вучыцца ў Флэнсбургу, за магчымасць пазнаёміцца з морам людзей, за іх гісторыі, за іх ідэі, за іх вопыт, за мой вопыт. 

Я вярнулася ўспамінамі да:

Гукаў птушак, якія кожную раніцу яшчэ ў халодным марце спявалі пра вясну. Таму я не здзівілася, калі пачула на семінары, што Нацыянальны Парк Вадэнскага мора, што так сама знаходзіцца на поўначы Германіі, - адзін з самых багатых на шматлікія віды птушак ва ўсім свеце. Гэта быў семінар па гісторыі і культуры Паўночнай Фрызіі. Мяне зацікавіла Паўночная Фрызія, яе гісторыя, як і самі Паўночныя фрызы. Параўнанне станаўлення беларускай нацыянальнасці са станаўленнем нацыянальнасці паўночных фрызаў захапіла мяне, і прафесар доктар Томас Штінзэн палічыў гэту ідэю цікавай. Ён, дырэктар інстытута Паўночных фрызаў у Брэдштэдце, быў рады, што і мы з Сашай, інтэрнацыянальныя студэнты, адкрылі для сябе Тэадора Шторма, Тэадора Моммзэна і Эміля Нольдэ ні як нямецкіх знакамітых людзей, а як знакамітасцей Паўночнай Фрызіі. І яшчэ мяне здзівіла і адначасова парадавала абавязковае заданне для заліку, - паўдзельнічаць у праекце гістарычнай ленты ў Брэдштэдце, пабываць у інстытуце Паўночнай Фрызіі ў Брэдштэдце. Але ж больш за ўсе гэта мяне уражала знаёмства з такімі захопленымі сваёй працай людзьмі.

Новыя мясціны Германіі я раскрыла для сябе і на семінары літаратуры. Як жа мне пашчасціла пабываць у літаратурным доме Тэадора Шторма ў Хузуме, Фрыдрыха Геббеля у Вэссэльбурыне, у літаратурным доме Томаса і Генрыха Манна, а так сама Гюнтэра Граса ў Любыку! Вось жа і за імі стаіць імя зачараванага сваёй працай прафесара Ганса Дытэра Гроса.  І таксама італьянскай студэнткі Іраіды, якая прыдала твору Томаса Мана “Смерць у Венецыі” сваім “Benvenuti in Italia” асаблівы смак. І гасцявы студэнт, Гельмут, які на пенсіі, захоплены літэратурай, упрыгожваў сваімі думкамі, заўвагамі семінар. Ён заўсёды знаходзіў пытанні пасля “Fragen?” экскурсавода і тым ратаваў нас у нязручныя моманты маўчання.
Гукаў фартэпіяна, якое гучыць спачатку як “Klavier” і толькі потым як “фартэпіяна” у маёй галаве. Я не маю права прамаўчаць пра „Klavierräume“ на пятым паверсе ўніверсітэта, бо гэты музыкальны рай быў так сама часткай майго навучання. Там у рад, адзін за другім, стаяць памяшканні з раялем.

Гукаў гітары і паху вогнішча  ў двары нашага агульнага памяшкання. Там, дзе пад вечар збіраліся інтэрнацыянальныя студэнты, можна было убачыць розныя культуры праз жэсты, пачуць гісторыі на розных мовах.

Цішыні вуліц у нядзелю, калі ідзеш ва ўніверсітэт. І гэта нядзеля, як на злосць, адзіны сонечны дзень на тыдні. Бо іншы, захоплены сваёй працай прафесар, не меў іншага выбару, як паставіць 5 гадзін семінара ў выхадны дзень. Добра толькі, што і ён смяяўся разам з намі з таго. Шчыра кажучы, гэта надвор’е спрыяла для таго, каб здымаць відэа. Акрамя таго на гэтым семінары навучылася працаваць у групе. А без гэтага я цяжка ўяўляю сабе мой летні семестр. Над многімі прэзентацыямі давялося папрацаваць у групе.

Хваляў гукаў у бібліятэцы. Калі ў адзін дзень раніцай і ўвечары стаіць цішыня, а вось у сярэдзіне дня ўсё гучыць, усе студэнты збіраюцца, каб працаваць у групах.

Пачатку дня з таго, што выключаеш свет.
Крыкаў чаек.

І паха мора,
І сілы ветру,
І асаблівага “Man sieht sich immer zweimal im Leben” з розных вуснаў.

Тэкст і фота: Вікторыя Казакевіч, студэнтка 5 курса



Обучение

События

18 мая 2016