Сур’ёзнасці вучобы :)

Яшчэ адна вестачка ад нашай студэнткі Вікі Казакевіч, якая праходзіць стажыроўку ва ўніверсітэце г. Флэнсбург.

Прывітанне, мае паважаныя чытачы! Сваімі заметкамі я Вас не пешчу, аднак мне і самой ад гэтага сумна.

У красавіку пачалася мая вучоба па той прычыне, што летні семестр пачынаецца тут у красавіку. Многія гадзіны заняткаў у мінулым. І шмат розных.

Раскажу пра мае першае ўражанне, пра мае думкі ў самы першы дзень. Гэта заўсёды цікава. А мабыць і не. Для тых, хто ведае, чаго чакаць. Я не чакала, што немцы размаўляюць так хутка. На той час я прабыла месяц у Германіі, хадзіла на языкавыя курсы. Тое, што ў немцаў хуткі тэмп маўлення для мяне было не нова. І ўсё роўно здзівілася. Слухаць размову нямецкіх студэнтаў – нешта іншае. Першыя хвіліны на занятку я звыкалася з думкай, што зараз я студэнтка нямецкага ўніверсітэта.

Я звыкалася паступова, старалася засяродзіцца. Ужо тады я зразумела, што заняткі патрабуюць поўнай увагі. Не тое што, задумаешся на хвілінку, і ведаеш пра што ідзе размова далей. Тады ды і зараз на некаторых занятках, гэта хвілінка перадышкі, можа каштаваць дорага. Рызыкуеш заблудзіць, страціць пуцяводную ніць. Аднак жа гэтыя паўзы натуральны. На педагагічным занятку я даведалася, што мы не можам увесь час удзяляць увагу чамусьці аднаму, і вольна ці міжвольна робім гэтыя паўзы.

У Германіі на занятках шмат разважаюць. Разважаюць на розныя тэмы. Спачатку часта пыталася, калі мы вучыцца пачнём? Ды разумела: “Вось яна, краіна Канта, Гегеля”. Зараз я не звязваю такі прынцып з філасофскай гісторыяй Германіі. Гэта напрамак у адукацыі. Прачытаць і зразумець цяжкі тэарэтычны матэрыял гэта добра, але гэтага мала, гэтага не заўсёды хапае. Куды важней ацаніць працу знакамітага сацыёлага ці лінгвіста, аднесціся крытычна, выказаць сваю думку. Гэта і ёсць большая частка маіх экзаменаў. Пісьмовыя працы, у якіх трэба растлумачыць тэарэтычны матэрыял.

Гэта і ёсць вучоба. Калі на літаратуры мы ўвесь занятак абмяркоўваем, як можна прадставіць літаратурны твор у музеях і абавязковая частка заліку, прыняць удзел у экскурсіі. А на краіназнаўстве наша група рыхтуе праект гістарычнай ленты ў інстытуце паўночных фрызаў. І мы з Сашай маем магчымасць разам з нямецкімі студэнтамі абмеркаваць, як прадставіць гісторыю фрызаў, якія падзеі важныя, якія асобы вядомыя.

Што датычыцца сістэмы навучання, у першаю чаргу, яна адрозніваецца тым, што нямецкія студэнты могуць выбіраць, якія прадметы вывучаць, якія экзамены здаваць, колькі пунктаў ім трэба. Хаця і яны скардзяцца, што зараз яны не такія свабодныя пры выбары прадметаў.  Пасля ўваходу ў Балонскі працэс студэнты абавязкова павінны выбіраць модулі (у модулі некалькі прадметаў, якія нельга вывучаць адзін без другога). “Раней было лепей, раней было інакш”, чую я ад нямецкіх студэнтаў даволі часта.

Тут няма пастаянных груп. Я ведаю толькі некаторых студэнтаў з семінараў, і толькі нядаўна пачала пазнаваць знаёмыя твары на тэрыторыі ўніверсітэта. І, канечне, мне не хапае маёй групы. І я ведаю, што яны таксама сумуюць па мне.  

Больш за ўсё я хвалююся за пісьмовыя працы. Я не ведаю, колькі работ у мяне атрымаецца здаць. У мяне яшчэ самы разгар вучобы, усё наперадзе. Бясспрэчна адно, што мяне зацікавіла  гэта сістэма. Я даведваюся шмат новага. Пакуль пераадольваю цяжкасці і складанасці навучання, падымаюся на ступеньку вышэй. Мне падабаецца вучыцца на тых жа ўмовах, на якіх вучацца нямецкія студэнты. І я з годнасцю называю наш універсітэт, наш факультэт, калі хто здзіўлена пытаецца, адкуль у мяне добрыя веды нямецкай мовы.

Мае даражэнькія, жадаю Вам удалага заканчэння вучэбнага года і лёгкай  экзаменацыйнай сесіі!



Стажировки

События

18 мая 2016