Moin! Moin! Aus Flensburg :)

У рамках супрацоўніцтва з універсітэтам г. Флэнсбург наша студэнтка Вікторыя Казакевіч праходзіць там стажыроўку і дасылае нам свае першыя ўражанні.

Я абяцала дэкану нашага факультэта, паважанай Наталлі Яўгенаўне, што буду дзяліцца сваімі ўражаннямі, думкамі, пакуль вучуся ў Флэнсбургу, як толькі будзе, што сказаць. 

“Verba volant scripta manet”.

На хвілінку я забылася, дзе знаходжуся.
Пачну спачатку. А дзе ён пачатак? Калі села ў аўтобус? Вядома ж. Бадай што, так будзе лепш. Бо тут адразу ж прыгадаю, што дзяўчаты з маёй групы прыйшлі мяне правесці, удваіх. Не ўсе, зразумела. Ды і мне, сумленна кажучы, так надакучыла развітвацца са ўсімі, што я бы не пакрыўдзілася, калі бы ніхто не прыйшоў. Вядома ж, доўгія провады робяць лішнія слёзы. Аднак жа вельмі прыемна было пабачыць сябровак ды атрымаць падарунак у падарожжа, які я адкрыла, як абяцала, толькі ў Германіі. Ён зараз стаіць у маім пакоі і нагадвае мне маю родную групу. Дзякуй, Марына! 
Падарожжа ў аўтобусе можна і не згадваць. Толькі што кавалачак Польшчы адкрыла для сябе ў Варшаве. Смешная жанчынка, нешта спрабавала мне растлумачыць па-польску. І ўсё ж добра ведаць беларускую мову. Яе пытанне: “Чаму паліцэйскія не спяць уначы?” Думаю, я зразумела, што яна мела на ўвазе. Там хадзілі 2 паліцэйскія туды ды сюды.У аўтобусе пазнаёмілася з жанчынай з Гомеля. Яна ехала з маленькай дачкой у Гамбург. Пагаварылі мы з ёй няшмат. Аднак жа на ўсё жыццё мне запомніцца, што Гамбург самы прыгожы горад у Германіі. Так пераканаўча яна гаварыла, мабыць, таму і мне Гамбург вельмі спадабаўся. Хаця пабачыла я там некалькі вулачак. Дабрацца ж ад аўтавакзала да аэрапорта, бо там мы дамовіліся сустрэцца з нямецкімі студэнтамі, было маленькай перамогай. Адразу ж пасля знаёмства з Хамі, студэнткай універсітэта ў Флэнсбурге, я шчыра прызналася, што думала, што будзе цяжэй знайсці аэрапорт. Яна паглядзела на мяне разумеючым поглядам, і ў той жа момант нібы кажучы “ну вось бачыш, дарма ты баялася”. З ёй і іншымі студэнтамі (зараз я ведаю, з Паўднёвай Карэі, Расіі і Турцыі) у пяцярох мы накіраваліся ў Флэнсбург.

Па дарозе прыемна было слухаць нямецкае радыё і разумець, пра што расказваюць. Хацелася бы выказаць удзячнасць Наталлі Уладзіміраўне за жаданне глядзець навіны, быць у курсе справы. Трэба і сёння Tagesschau паглядзець!
Так мы прыехалі ў Флэнсбург. У той жа вечар я атрымала шмат кніжачак, лістовак пра навучанне ў Германіі, у той жа вечар, зразумела, што нельга страціць ключ ад хаты, які можа абысціся ў 300 еўра. 

Вось і пачынаецца маё прывыканне. І зараз я прывыкаю, а вы маеце магчымасць быць удзельнікамі майго асваення. Пачынаць не проста. Некалькі прагулак па гародзе не дазволілі мне намаляваць сабе цэльную карціну. Аднак жа знайсці магазін непадалёку, а ў магазіне нешта на абед, таксама своеасаблівая перамога. Дзякуй суседцы, не паспела я і спытаць яе, дзе знайсці магазін, як яна  пастукалася да мяне ў дзверы, трымаючы ў руках карту. Шкадавала, што ў яе не было часу правесці мяне.

Сёння мяне так  уразіла прагулка ў цэнтры горада ды знаёмства с некаторымі студэнтамі, што я вырашыла напісаць артыкул. Царква Святога Мікалая. Нядаўна Раіса Уладзіміраўна спытала мяне, як я пазнаю гатычны стыль у Германіі. С захапленнем! Atemberaubend. Такая прыгажосць. І як дапаўняюць карціну веды! Парадавалі і бясплатныя кніжачкі “Leserprobe” у магазіне і ўдалы амлет на вячэру.

Праходзяць першыя дні і праходзяць першыя пачуцці. Таму я і рашаюся перадаць іх вам зараз, бо пакуль разбярэшся, што так, што не так, запамятаеш з чаго ўсё пачыналася.

P.S.

Шчырыя віншаванні з тыднем нашага факультэта і найлепшыя пажаданні! :)



Стажировки

События

18 мая 2016